Пошуки будучыни (на белорусском языке) :: Черный Кузьма
Страница: 5 из 91 | |||
| ||||||||||||||
| ||||||||||||||
КАТЕГОРИИ КНИГПОСЛЕДНИЕ ОТЗЫВЫ О КНИГАХМихаил (19.04.2017 - 06:11:11) Антихрист666 (18.04.2017 - 21:05:58) Ладно, теперь поспешили вы... (18.04.2017 - 20:50:34) Роман (18.04.2017 - 18:12:26) АНДРЕЙ (18.04.2017 - 16:42:55) СЛУЧАЙНОЕ ПРОИЗВЕДЕНИЕРимма Казакова 05.09.10 - 09:08 Хотите чтобы ваше произведение или ваш любимый стишок появились здесь? добавьте его! |
Пакуль у дарогу - трэба яшчэ пазмацоўваць яго. Ён за гэта i ўзяўся. Пасля пайшоў да коней. Конi паелi сена i абнюхвалiся. З выглядам знаўцы гэтай справы ён падняў Вольчынаму каню верхнюю губу i агледзеў зубы. Вымасцiў сенам воз, напаiў конi i запрог у воз свайго каня. Снедаючы разам з салдатам i Волькаю, ён сказаў да яе:
- Твой конь вельмi стары, я яму ў зубы глядзеў. Дзiва што ён такi худы, у яго жаваць няма чым. - I твой худы, - адказала яна. - Але ён малады, яму ўсяго пяць год. Ён здарожаны. Калi яму даць харч i спакой, то я б яго на ляльку вырабiў бы. Волька паказала яму, куды ехаць, i ён выехаў з салдатам у дарогу. Салдату рупела хутчэй адчапiцца ад усёй гэтай валаводзiны, i ён падварушваў свайго фурманшчыка, а той выконваў свае абавязкi з заўзятасцю чалавека, якi з гэтага хлеб есць. Так што яны шпарка даскочылi да мястэчка, але доктара i там не засталi: ён паехаў у нейкае сяло да хворых, але затое там яны здабылi фельчара, казённага, з амбулаторыi, i салдату ўдалося вельмi хутка выехать назад з фельчарам. Гэты фельчар быў чалавек мясцовы. Служачы пры доктару, ён за доўгiя гады набыў вялiкую практыку i ведаў практыку жыцця i на хваробах знаўся. Усю дарогу ён распытваў - а адкуль, а як, а што, салдату было весялей, таму i ехалi павальней. I вось праз усю дарогу назад, не спяшаючыся ехаць, малады фурманшчык разглядаў наваколле паабапал дарогi. Дзень гэты быў сонечны. На бярозах трапяталася жоўтае лiсце. У чыстым полi адзiнокi лiсток на дарозе iмкнуўся з ветрам удалячынь. Лясы паўз дарогу нерухома вартавалi спакой восенi. На пустым iржышчы i на пакошах хадзiла жывёла. Ясны сум восенi, здавалася, плыве з ветрам, i ўсё вiсiць, як доўгачаканая ласкавасць. Шыпшына кустамi стаяла без лiсця i з чырвонымi пладамi. Патузваючы лейцы, малады фурманшчык перажываў дзiцячае жаданне спынiць каня, адысцiся да шыпшыннiку i нарваць, немаведама дзеля чаго, поўную шапку ягад. Душа яго ўцiхамiрвалася дарогай, павольнай яздой, восенню i цiшынёй. Яму здавалася, што ўжо з гэтых мясцiн яму нiкуды не трэба ад'язджаць, нiкуды i нiколi, што не трэба ўжо шукаць у свеце прыстанку i што тут усё вельмi падобна на той родны кут, з якога ён з блiзкiмi сваiмi i роднымi выехаў. З такiм станам свае душы ён уехаў у Сумлiчы i пад'ехаў да добра ўжо яму вядомай Волеччынай хаты. Салдат шпарка саскочыў з воза i пабег у хату, а следам i фельчар. Калi ж малады фурманшчык увайшоў у хату, ён убачыў, што немец ляжыць усё на тым жа месцы, а Волечка поiць яго з лыжкi малаком. Салдат сядзiць у одуме, а фельчар пiльна прыглядаецца да немца. Калi ж Волечка з пустой мiскай ад малака адышлася к печы, фельчар пачаў абслухваць i абмацваць хворага немца. Паваждаўшыся так з iм некалькi хвiлiн, ён зiрнуў немцу ў пачырванелыя вочы i жвава сказаў: - Э, пане-браце, немец! Дык жа мяне дарма з табой напалохалi. Ты ж зараз сто вёрст без аддыхi пешкам зробiш. Ну што ж, праўся ды разумней. Такi i не шкодзiла б, каб вы ўсе папруцянелi, а то гэтулькi неспакою праз вас. Аж да Баранавiч даперлi. Чаго? Павошта? - Дык ён паправiцца? - нясмела i з надзеяй сказала Волечка. - А хiба табе не ўсё роўна? - Гэта ж мая хата. Лепш жа, калi ён сам адсюль выйдзе, чым мёртвы завалiць мне хату. Што я тады з iм рабiць буду. - Чуеш? - сказаў фельчар да немца. - Праўся, а то хату гэтай малой завалiш. - Напiшам акт, што ён хворы i што я не мог у тэрмiн яго сканваiраваць, - сказаў салдат. - Давайце паперы. З паперай была цяжкая справа. Яе не было ў гэтай хаце. Фельчар стаў церабiць свае кiшэнi i сваю фельчарскую пакоўню. Немец тым часам больш ачомаўся. Ён стаў рухавейшы, ажывiўся, пачаў паднiмаць галаву i пiльна прыглядацца да людзей i да ўсяго, што было ў хаце. Нейкi неспакой з'явiўся ў яго вачах. Было вiдно, што трывога агарнула яго i што яна ўсё пабольшваецца. I чым больш ён трывожыўся, тым здаравейшы рабiўся колер i выраз яго твару. |
ИНТЕРЕСНОЕ О ЛИТЕРАТУРЕ
ТОП 20 КНИГ
ТОП 20 АВТОРОВ
| ||||||||||||
|