Клубок гадзюк (на белорусском языке) :: Мориак Франсуа
Страница: 1 из 85 | |||
| ||||||||||||||
| ||||||||||||||
КАТЕГОРИИ КНИГПОСЛЕДНИЕ ОТЗЫВЫ О КНИГАХМихаил (19.04.2017 - 06:11:11) Антихрист666 (18.04.2017 - 21:05:58) Ладно, теперь поспешили вы... (18.04.2017 - 20:50:34) Роман (18.04.2017 - 18:12:26) АНДРЕЙ (18.04.2017 - 16:42:55) СЛУЧАЙНОЕ ПРОИЗВЕДЕНИЕЕсли бы у вас спросили: что бы вы хотели больше всего? Что бы вы ответили? Дом? Машину? Много денег? Или чего-то другого? Но в одном небольшом городке Рени, жила одна девушка. Ее звали Настя. Она была невысокого роста, с длинными черными волнистыми волосами и карими глазами. Она-то и ответила,что хочет любви.... >> 26.08.10 - 14:23 Хотите чтобы ваше произведение или ваш любимый стишок появились здесь? добавьте его! |
---------------------------------------------
Мориак Франсуа Клубок гадзюк (на белорусском языке) Франсуа Марыяк Клубок гадзюк Раман Пераклад: Леанiд Казыра ...Божа, ведай, што мы самi не можам жыць у згодзе i ладзе, i не ведаем мы, чаго хочам, i iдзём усё далей i далей ад сапраўдных жаданняў нашых. Св. Тэрэза Авiльская Вораг усiх сваiх блiзкiх, у душы - нянавiсць i сквапнасць, - ганебная натура! I тым не менш я хачу, каб вы паспагадалi гэтаму чалавеку, каб лёс яго хоць трошкi запаў вам у сэрца. Да самай смерцi ўбогiя iмкненнi i парывы засланялi ад яго святло... А яно ззяла так блiзка, што часам яркiя промнi даходзiлi i да гэтай iстоты i апякалi яе... Нiкчэмныя, убогiя iмкненнi... Але перш за ўсё - людзi не такiя ўжо i мiласэрныя хрысцiяне. Ён стаў iх пакутнiкам i мучыцелем iх. Сярод нас вунь колькi строгiх суддзяў няшчаснага грэшнiка! А менавiта яны i адводзяць ад яго iсцiну, i нiколi ёй ужо не прабiцца праз iх натоўп! Не, не грошай хацеў гэты скнара, не помсты прагнуў гэты вар'ят... Што ён любiў на самай справе, вы даведаецеся, калi ў вас хопiць сiлы i мужнасцi выслухаць яго споведзь разам з апошнiм прызнаннем, што перапыняецца смерцю... Частка першая I Ты не паверыш сваiм вачам, калi адамкнеш мой сейф i знойдзеш там на стосе каштоўных папер гэтае пасланне! Можа, было б лепш даверыць гэтае пiсьмо натарыусу, i ён перадаў бы яго табе пасля маёй смерцi; або пакласцi ў шуфляду пiсьмовага стала, - дзецi, ведама, кiнуцца туды адразу, калi яшчэ мой труп не паспее i астыць. Але справа ў тым, што многа год пiсаў я ў думках i зноў перапiсваў гэты доўгi лiст, i шмат разоў бяссоннымi начамi мне ясна бачылася, як ляжыць гэты дакумент помсты i адплаты на палiчцы пустога сейфа. Дакумент, якi рыхтаваўся амаль паўстагоддзя... Супакойся. Зрэшты, ты ўжо супакоiлася: "Усе паперы там, на месцы". Я нiбы чую гэты твой радасны воклiч. Ты вярнулася з банка i, не адхiнуўшы нават жалобнага вэлюму, крычыш дзецям: "Усе паперы там, на месцы!" А так мала не хапiла, каб iх там не аказалася: я ўжо збiраўся зрабiць усё, што трэба. Варта было мне толькi захацець, i ў вас цяпер нiчога не было б, акрамя дома i зямлi. На ваша шчасце, нянавiсць мая патухла: я перажыў яе, хоць доўгi час быў перакананы, што гэта i ёсць маё самае моцнае, самае жывучае пачуццё... Але, прынамсi, на сёння яно пакiнула мяне. I мне, старому, дабiтаму чалавеку, сёння цяжка нават сабе ўявiць таго вар'ята, якi цэлымi начамi не так абдумваў сваю помсту (гэтая бомба замаруджанага дзеяння была ўжо даўно зроблена з такой руплiвасцю, што я ганарыўся ёю), як шукаў спосабаў пацешыцца ёю. Я хацеў тады дажыць да таго моманту, калi ты вернешся з банка i адамкнеш пусты сейф. Як бы ў вас усiх выцягнулiся твары! Трэба было толькi выдаць табе даверанасць на права адчынiць сейф не надта рана i не надта позна, каб пацешыць сябе апошняй радасцю i пачуць вашы безнадзейныя галасы: "Дзе каштоўныя паперы? Дзе паперы?.." I мне здавалася тады, што нават самая пакутлiвая агонiя не сапсавала б майго радаснага настрою. А я быў здольны на такое. Аднак хто i калi давёў мяне да гэтага? Не быў жа я вылюдкам, пачварай. Ужо чатыры гадзiны, а паднос, што стаiць на маiм стале ад самага снедання, яшчэ не прынялi. Па брудных талерках поўзаюць мухi. Я званiў. Дарэмна. У вёсцы званкi заўсёды сапсаваныя. I я цярплiва чакаю ў тым самым пакоi, дзе спаў яшчэ хлопчыкам i дзе хутка, вiдаць, i памру. А ў дзень маёй смерцi дачка мая Жэнеўева перш-наперш захоча адваяваць гэты пакой сваiм дзецям. Я адзiн займаю самы вялiкi i самы лепшы пакой. Але ўспомнiце i паглядзiце праўдзе ў вочы: я хацеў аддаць гэты пакой Жэнеўеве, i так бы i зрабiў, калi б не доктар Лаказ. Гэта ён тады даводзiў, што маiм бронхам вельмi шкодзiць сырасць, i таму мне нельга жыць на нiжнiм паверсе. I тым не менш я перайшоў бы туды, хоць i з горкай затоенай крыўдай... |
ИНТЕРЕСНОЕ О ЛИТЕРАТУРЕ
ТОП 20 КНИГ
ТОП 20 АВТОРОВ
| ||||||||||||
|